Легенды пра Княжую гару

Палеткі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Раданежскі» ахопліваюць і землі, дзе раней панавалі балоты. Трапляючы ва ўрочышчы гаспадаркі ў час палявых работ, уяўляем, наколькі недаступнымі і непрыдатнымі для земляробства былі гэтыя ўгоддзі да правядзення меліярыцыйных работ. I было дзіўна, нечакана для нас напаткаць ў наваколлі вѐскі Ляхчыцы ўнушальнае узвышша.

Старшыня кааператыва Васіль Каральчук патлумачыў, што ў народзе гэта ўзвышша называюць Князь-гара, існуюць легенды аб яго ўзнікненні. Вывучэннем помніка даўніны займаўся галоўны спецыяліст па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны райвыканкама Юрый Барысюк. Прынамсі, яго клопатамі, з дапамогай кіраўніцтва «Раданежскага» на ўзвышшы ўстаноўлены крыж, які быў там некалі.

У час нашай размовы Юрый Антонавіч паведаміў, што звесткі пра Княжую гару ѐсць у навуковай літаратуры. У прыватнасці, першая «Рэвізія Кобрынскай Эканоміі» 1563 г. сцвярджае: «Княжая Гора, урочище села Рухович». Пазней Гара прысутнічае на рускіх картах XIX ст. і на польскіх пачатку XX ст. У канцы XIX ст. археолаг Ф. В. Пакроўскі са слоў святара запісаў: «с. Хабовічы, Балоцкай вол., Кобрынскага павета. У 5 вярстах на паўднѐвы захад ад сяла ѐсць невялікі пагорак, які называецца ў народзе Княжая гара. Называецца так таму, што тут быццам бы ў час бойкі забіта нейкая княжна».

А мясцовае паданне даносіць рэха далѐкай мінуўшчыны ў такім кантэксце: «Даўно тое было. Княгіна Вольга тут праходзіла. Была яна наша, руская... Некалі забілі мужа яе, Уладзіміра, і пайшла Вольга ваяваць з ворагамі...

Вольга хітрасцю перамагла ворагаў, перакаваўшы у коней капыты наадварот. Але за Дзівінам быў пост, і адтуль салдаты яе даганялі. У той час наша гара над балотамі стаяла, лесу на ѐй не было. Там княгіня і спынілася.

Тым часам варожыя войскі наступалі з поўдня, ад Навасѐлак. На гары і напаткала смерць Вольгу... Там яе і пахавалі. Як кажуць, магіла была амаль пад вяршыняй. 3 таго часу і гара завецца Княжаю. Здаўна на магіле стаяў просты драўляны крыж, але, напэўна, пры бальшавіках яго знялі...»

Мясцовыя жыхары старэйшага ўзросту ў сваіх успамінах аб гэтай мясціне сцвярджалі, што магіла існавала, на ѐй раслі барвінкі. А цяпер застаецца спадзявацца на тое, што Княжая гара дачакаецца навукоўцаў-археолагаў, якія правядуць грунтоўнае даследаванне помніка мінуўшчыны.

Аляксей Пянко.​​​​​​

Пянко, А. Легенды пра Княжую гару / Аляксей Пянко // Кобрынскі веснік. – 2006. – 29 красавіка. Пра дакументальныя звесткі і легенды наконт узвышша ў наваколлі вѐскі Ляхчыцы.