Свята-Спаскі манастыр

Найбольш старажытным помнікам у Кобрыне з'яўляецца будынак былога уніяцкага Свята-Спаскага манастыра. Мураваны жылы манастырскі корпус размешчаны на вуліцы 17 Верасня (былая Базыльянская), на левым беразе р. Мухавец. Упершыню ўпамінаецца ў 1465 г.

У гэтым годзе ўдава Сямѐна Кобрынскага княгіня Ульяна з сынам Іванам са сваіх уладанняў адпісалі на царкву Святога Спаса Кобрынскага манастыра млын на рэчцы Шэўні з сажалкай і зямлѐй, а Ігумену Варлааму - 10 сакаў мѐду, святару і дзякану па 3 сакі і 2 капы грошаў.

У 1491 г. удава Івана Сямѐнавіча Кобрынскага княгіня Фядора адпісала манастыру «... десятину иъ Святому Спасу к Кобриню и зъ млина, што на ръцъ на Кобринеи, десятую мърку оть жита, десятую копу въ Кобрини и отъ ярины всякое десятую копу у Кобринижъ; ... двъ корчмы вольныхъ въ Кобрини, село Корчичи и зо всими доходы, изъ даню, изъ полюдемъ, и зъ грошми, и зо всеми тыми доходы».

У 1512 г. Жыгімонт I Стары граматай на імя ігумена Кобрынскага Спаскага манастыра Антонія Крыцкага замацаваў за манастыром вышэйназваныя «наданні» княгіні Фядоры. Пазней, калі Фядора перайшла ў каталіцтва, яна перадала частку зямель манахаў у маѐнтку Быстрыца баярам М. Жамбоцкаму і Г.Х. Пастрыгачу. Толькі ў 1541 г. пасля іску кобрынскага архімандрыта Васіяна землі вярнуліся манастыру. Недзе ў першай палове XVI ст. манастыр быў ператвораны ў архімандрыю.

Па ініцыятыве каралевы Боны ў 1549 г. шляхціц Сямѐн Ясковіч Прышыхвосцкі правѐў рэвізію Кобрынскага манастыра. Манастыр меў сад і сажалкі. Паводле інвентарнаму апісанню, у скарбцу царквы, апроч розных культавых прадметаў, былі абразы, пісаныя па залатым фоне з падвескамі з срэбных вітых грыўняў і каштоўных каменяў. На царкоўных хорах размяшчалася бібліятэка. Яна мела Евангелле старажытнага пісьма, акаваныя ў срэбра рукапісныя кнігі велічынѐй у "десть" і мерныя кнігі, друкаваныя кірыліцай - "старадрукі".

Зямельныя ўладанні манастыра складаліся з сяла Корчыцы і некалькіх дворышчаў у сѐлах Кустовічы і Брылѐва, маѐнтках Імянін і Быстрыца. Інвентар манастыра 1549 г., надрукаваны ў 6-м томе «Актаў Віленскай камісіі», адзначаны ў «люстрацыі» 1563 г. каралеўскага рэвізора Дзмітрыя Сапегі.

Апошні праваслаўны архімандрыт манастыра (з 1587 па 1596) - Іона, былы шляхціц з м. Заблудаў Іван Пятровіч Гогаль. У 1590 г. Іона скардзіўся ў падкаморскі суд на немалы захоп манастырскай зямлі ў маѐнтку Імянін, які ўчынілі імянінскія зямяне Чанавіцкі, Ждановіч, Якубовіч. Чым завяршылася скарга, невядома, але ўпамянутыя асобы паведамілі, што за панам Іванам Гогалем як за асобай свецкай яны не прызнаюць ніякай царкоўнай зямлі.

20 мая 1595 г. у манастыр прыбылі епіскап Уладзімірскі і Берасцейскі І. Пацей і епіскап Луцкі К. Тарлецкі для сустрэчы з мітрапалітам Рагозай і перамоў па справе уніі з рымска-каталіцкай царквой. Пасля заключэння у 1596 г. Брэсцкай царкоўнай уніі архімандрыт Іона стаў турава-пінскім уніяцкім епіскапам, а Спаскі манастыр каралева Ганна Ягелонка перадала К. Тарлецкаму.

Па сведчанні Ф. В. Пакроўскага, у царкве сяла Пярковічы (Брашэвіцкай воласці Кобрынскага павета) у канцы XIX ст. захоўвалася магіла К. Тарлецкага са славянскім надпісам на пліце.

Потым манастыр належаў такім уніяцкім царкоўным іерархам, як епіскап Пінскі Паісій (1603), архімандрыт кобрынскі Шацінскі (1613), епіскап Пінскі Рафаіл Корсак (1632), архімандрыт кобрынскі Бенядзікт Глінскі (1678), епіскап Уладзімірскі і Берасцейскі, архімандрыт Кобрынскі Лявон Залескі (1691) і архімандрыт Андрэй Бянецкі (1747). Такім чынам, Кобрынскі манастыр стаў важкай апорай уніяцтва ў ВКЛ. У 1626 г. у ім праходзіў сабор вышэйшага уніяцкага святарства (Кобрынскі сабор 1626 г.).

Да канца XVII ст. да Кобрынскай архімандрыі адышлі былыя праваслаўныя манастыры ў Лепясах і Хадынічах. Уніяцкія манахі ва ўсіх сваіх маѐнтках пабудавалі цэрквы, або, як іх называлі, «манастыркі». У той час зямельныя ўладанні манастыра знаходзіліся ў вѐсках Корчыцы, Лепясы, Хадынічы, Навасѐлкі, Кустовічы, акрамя гэтага, яму належалі фальваркі Гогалеўка і Пецькі, Талярмонтаўскі засценак, Хільцэўшчына (в. Быстрыца) і інш.

Не мінулі манастыр і бедствы, якія выпалі на лѐс горада (захоп і рабаванне войскамі Б. Хмяльніцкага, захоп шведамі), у час якіх абіцель рабавалі і руйнавалі.

У грамадзянскую вайну 1812 г. агароджа манастыра была ператворана ў рэдут, а старажытная манастырская драўляная царква знішчана пажарам. Пасля гэтага царква была ўладкавана ў мураваным двухпавярховым будынку з манаскіх келляў.

Пасля скасавання уніі ў 1839 г. манастыр быў закрыты, а ў яго будынках размясцілася духоўнае вучылішча, якое было ліквідавана пасля спусташальнага пажару ў другой палове XIX ст. Некалькі дзесяцігоддзяў безгаспадарчая цагляная каробка з'яўлялася прыстанкам для бяздомных. Толькі ў 1920-я гады ўцалелы галоўны корпус манастыра быў капітальна адрамантаваны польскімі ўладамі. У час рамонту была праведзена перапланіроўка, пасля чаго поўнасцю зніклі рэшткі ўнутранага храма. Паводле звестак былога дырэктара Кобрынскага музея А. М. Мартынава, у ходзе работ у сутарэннях будынка былі знойдзены рэшткі пахаванняў кобрынскіх князѐў і замураваныя касцякі ў ланцугах. Пасля рамонту у будынку размясціўся павятовы суд.

У пачатку XVI ст. манастыр меў цагляныя жылыя і службовыя карпусы (на працягу XVII-XVIII ст. неаднаразова перабудоўваліся), капліцу. Да нашага часу захаваўся значна перабудаваны жылы корпус манастыра (у ім знаходзіцца РАУС).

Манастыр - помнік архітэктуры барока. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад па цэнтры вылучаны рызалітам з фігурным барочным шчытом. Барочная пластычнасць архітэктуры выяўляецца ў насычанай крапоўцы пілястрамі, ляпным дэкоры, фігурных панэлях вакол прамавугольных акон, прафіляваных карнізах. Паверхі традыцыйна перакрыты мураванымі скляпеннямі на 1-м паверсе і драўлянай столлю - на 2-м. Першапачаткова па цэнтры будынка размяшчалася царква, на 1-м паверсе у паўночна-заходнім вугле - трапезная. Пасля апошняй рэканструкцыі не стала перад ім брамы з двума высокімі вежамі з шатровымі завяршэннямі і двума нізкімі, якія фіксуюць бакавыя пешыя праходы.

Праваслаўнае мураванае дойлідства ; Свята–Спаскі манастыр // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раѐна / рэд.-укл. Л. Р. Казлоў. – Мінск, 2002. – С. 460-461. - (Архітэктурная спадчына Кобрыншчыны).