Скульптурныя кампазіцыі ў бронзе

У нашым горадзе да фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2009» з'явяцца тры бронзавыя скульптурныя кампазіцыі. Такія аб'екты заўсѐды прывабліваюць да сябе ўвагу турыстаў, а некаторыя нават становяцца сімваламі.

Як паведаміў намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Павел Кірылюк, на плошчы Леніна плануецца ўстанавіць помнік заснавальнікам горада - княгіні Вользе і князю Уладзіміру Васількавічу, на набярэжнай - бронзавую фігуру боцмана, а ў парку імя Суворава адрэстаўрыраваны фантан упрыгожыць скульптурная кампазіцыя «Купалле».

Аўтар усіх трох работ - член Саіюза мастакоў Рэспублікі Беларусь скульптар Аляксандр Лышчык. Жыве Аляксандр Іванавіч у Мінску, аднак родам з Камянеччыны. Творца з'яўляецца аўтарам знакамітага сімвала г. Бабруйска бронзавага бабра, фігуры Лявона-беларуса ў Рэчыцы. Таксама Аляксандр Іванавіч працаваў над кампазіцыяй «Туфлік» ля аддзела ЗАГС у г. Орша, зробленай па матывах казкі Ш. Перо «Папялушка». А прымерванне бронзавага туфліка, дарэчы, стала сімвалічным рытуалам для кожнай нявесты гэтага горада.

Пачынаючы з новага года, у нашай майстэрні кіпіць работа, - зазначае скульптар Аляксандр Лышчык. - Над праектамі працуе цэлая каманда творцаў: архітэктары, дызайнеры, скульптары. Фігуры будуць адліты на ліцейным прадпрыемстве (спатрэбіцца некалькі тон бронзы), затым іх неабходна будзе апрацаваць, што патрабуе нямала часу і ўмення.

Эскізныя варыянты кампазіцый ужо зацверджаны. Паводле задумак бронзавая фігура боцмана будзе выканана амаль у натуральную велічыню. Гэтакі народны камічны персанаж, на левым плячы ў якога прымасціўся папугай. У адной руцэ боцман трымае трубку, якую, здаецца і вось-вось закурыць. Другой рукой звоніць у невялічкі звон, што павіс на бронзавым стаўбе-апоры. Нацыянальная тэма адлюстроўваецца ў скульптурнай кампазіцыі «Купалле». На вялізным вянку будуць усталяваны фігуры трох дзяўчын каля 180 сантыметраў у вышыню. Па задумцы аўтара, гэта вобразы звычайных беларусачак, апранутых у лѐгкія сукенкі, з доўгімі косамі.

Цікавай з'яўляецца скульптура «Заснавальнікам горада». Гэта сумесны праект, распрацаваны раѐнным аддзелам культуры, вядомымі беларускімі архітэктарамі (у тым ліку і знакамітым Жылінскім) і самім Аляксандрам Лышчыкам. Варыянтаў прапаноўвалася некалькі. Аднак спыніліся на наступным. Гэта будзе амаль трохметровая кампазіцыя, сюжэт якой сімвалічны - уваход у горад праз арку князя Уладзіміра Васількавіча і княгіні Вольгі. За аснову была ўзята легенда, калі князь Васількавіч перадае па завяшчанню горад Кобрын княгіні Вользе. Перш чым распрацоўваць вобразы, уявіць сабе князѐў, неабходна было пазнаѐміцца з асаблівасцямі і атрыбутамі таго часу.

Патоня, В. Скульптурныя кампазіцыі ў бронзе / В. Патоня // Кобрынскi веснiк. - 2009. - 15 ліпеня. - C.1, 2. У г. Кобрыне да фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2009" з'явяцца тры бронзавыя скульптуры.