Вялікая Айчынная вайна на Кобрыншчыне

Асабліва цяжкія выпрабаванні прынесла Вялікая Айчынная вайна. Фашысцкія бомбы абрушыліся на горад на досвітку 22 чэрвеня 1941 года. 123-ці знішчальны авіяцыйны полк, які базіраваўся на кобрынскім аэрадроме, прыняў бой. На працягу 10 гадзін нашы лётчыкі збілі 30 фашысцкіх самалётаў. У няроўнай барацьбе загінуў камандзір палка Барыс Мікалаевіч Сурын, які правёў 4 баі і асабіста збіў 3 варожыя самалёты.

Жорсткі бой разгарнуўся 23 чэрвеня каля Кобрына, які вялі часці 22-й дывізіі на чале з яе камандзірам В. П. Пуганавым на подступах да горада Кобрын на ўздоўж канала Бона. У гэтым баі загінуў В. П. Пуганаў, імя якога зараз носіць сквер на вул. Першамайскай.

У час акупацыі фашысты разбурылі і спалілі ў горадзе больш за 200 жылых дамоў і 250 іншых збудаванняў, узарвалі электрастанцыю, 3 млыны, скураны завод, ільнозавод і шэраг іншых прадпрыемстваў. Былі разбураны чыгуначная станцыя, 2 чыгуначныя масты цераз р. Мухавец. Звыш 8 тысяч мірных жыхароў горада сталі ахвярамі фашысцкіх злачынстваў.

Увесь час акупацыі ў горадзе працаваў падпольны антыфашысцкі камітэт, падтрымлівалася сувязь з партызанамі, якія знаходзіліся ў навакольных лясах. 20 ліпеня 1944 г. у выніку ўпартых баёў горад быў вызвалены і пачаў паступова залечваць свае раны. Як сыноўняя памяць і глыбокая пашана да загінуўшых стаяць сёння ў горадзе помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Брацкая магіла воінаў і партызан (вул. Першамайская, сквер імя Пуганава). Пахаваны 174 воіны, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены помнік генерал-маёру Віктару Паўлавічу Пуганаву і старшаму лейтэнанту Арсенію Іванавічу Марозаву. В.П.Пуганаў загінуў 23.6.1941 г., А.І.Марозаў - 24.7.1944 г. у час паветранай разведкі ў раёне Брэста.

Брацкая магіла воінаў і партызан ( на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада каля в.Лепясы). Пахаваны 30 воінаў і партызан. Скульптура салдата ўстаноўлена ў 1957 г.

Брацкія магілы воінаў (на гарадскіх могілках). У чатырох магілах пахавана каля 40 воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 г. У 1979 г. устаноўлена пліта з імёнамі загінуўшых, у 1983 г. - на кожнай магіле абеліск, у 1996 -агульны помнік.

Магіла ахвяр фашызму (на ўсходняй ускраіне горада каля шашы Брэст- Пінск).

Пахавана звыш 200 жыхароў горада, расстраляных у 1941-1943 гг. У 1967 г. на магіле пастаўлены абеліск. Месца расстрэлу мірных жыхароў (на паўднёвай ускраіне горада). Пахавана 4,5 тыс. мірных жыхароў горада, расстраляных у 1942-1944 гг. На ўшанаванне іх памяці ў 1975 г. устаноўлены абеліск.

Абеліск у гонар 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (сквер імя Марозава). На ім высечаны назвы 12 воінскіх часцей, партызанскай брыгады, а таксама чатырох партызанскіх атрадаў, што дзейнічалі на тэрыторыі Кобрынскага раёна.

Помнік партызанам (паўднёва-ўсходняя ўскраіна горада). Помнік-стэла, пастаўлены ў 1983 г. у памяць аб партызанах, камсамольцах, падпольшчыках, якія вялі «рэйкавую вайну» на тэрыторыі раёна.

Вялікая Айчынная вайна на Кобрыншчыне // Кобрын = Kobrin. – Мінск: БЕЛТА, 1997. – С. 10-12. - (Гарады Беларусі = The Belarussian towns). Агульныя звесткі аб вайне на Кобрыншчыне і аб помніках ахвярам фашызма.