Пад гнётам свастыкі

Прачнуўшыся раніцай 24 чэрвеня 1941 года, кабрынчане з горыччу і страхам усвядомілі, што іх прывычны жыццёвы ўклад крута абарваўся. Пачалася варожая акупацыя. Здранцвелы горад насцярожана затаіўся, жыхары стараліся не выходзіць з дамоў. Ужо на досвітру на самых аддаленых вуліцах затопалі ботамі нямецкія патрулі. З вінтоўкамі пад рукой, з расшпіленымі каўнярамі і закасанымі рукавамі салдаты праходзілі няспешна, азіраючыся ва ўсе бакі.

З першага дня на сценах і слупах паявіліся аб’явы на двух мовах, на якіх выдзялялася кароткае слова: «тот» — смерць! У спіску парушэнняў, за якія неадкладна караліся расстрэлам, значылася: замах на немцаў і іх маёмасць, захоўванне зброі і боепрыпасаў, укрыванне камуністаў і савецкіх ваеннаслужачых, радыёпрыёмнікаў і слуханне перадач з-за мяжы, захоўванне савецкай літаратуры і г. д. І быццам цвіком кожны пункт забароны прыбіваўся зразумелым кожнаму словам: “тот” — смерць!

У бяскойца доўгія першыя тыдні акупацыі цесныя гарадскія вуліцы апынуліся ва ўладзе стыхіі, што рвалася на ўсход. Танкі, машыны рознага прызначэйня, рознакаліберныя гарматы, вазы, веласіпеды матацыклы і мундзіры. Нізка-нізка праносіліся над дамамі вялізныя транспартныя самалёты, заглушаючы гулам матораў усе зямныя гукі, быццам акампаніруючы сімфоніі нашэсця: Нах остэн! На ўсход!

Па глыбокаму перакананню фашыстаў, пераможнаму маршу абавязкова павінны спадарожнічаць пажары і разбурэнні. I вось ужо наўмысна падпалены адзін з дамоў на вуліцы Кастрычніцкай. Агонь стаў хутка распаўсюджвацца. Спробы пагасіць яго былі спынены пагрозай расстрэлу. Здранцвелыя жыхары квартала скапіліся на берагах Кобрынкі, з жахам назіраючы за гібеллю сваёй маёмасці. Удосталь нацешыўшыся «феерверкам», нямецкія салдаты дазволілі ратаваць пабудовы, яшчэ не ахопленыя полымем.

А на ўскраінных вуліцах пачалося паляванне за хатняй жыўнасцю. Галовы захопнікаў кружыліся ад першых поспехаў: супраціўленне чырвоных слабее, захоплены Мінск, адкрыта дарога на Маскву. Самаўпэўненасць захопнікаў межавала з анекдатычнасцю. Расказвалі пра афіцэраў, якія пакінулі ў мясцовых жыхараў бялізну для мыцця, маўляў, забярэм праз два тыдні, як будзем вяртацца з Масквы. Адным словам, сярод большасці франтавікоў панавала пачуццё ап’янення ад лёгкіх перамог на Захадзе. Аднак было сярод іх і нямала змрочных твараў. Некаторыя з ваенных, баязліва азіраючыся па баках, спрабавалі растлумачыць на ламанай польскай мове, што яны не немцы, а аўстрыйцы, якіх Гітлер сілай гоніць у Расію.

У баях за Кобрын аддалі жыццё многія нашы байцы. Смерцю адважных загінуў камандзір 22-й танкавай дывізіі В. П. Пуганаў. Мноства параненых удалося даставіць з поля бою ў апусцелую гарадскую бальніцу. I іх становішча было катастрафічным: пры поўнай адсутнасці ваенна-медыцынскага персаналу ў меру сваіх магчымасцей першую дапамогу аказвалі нешматлікія мясцовыя медыкі. Запас медыкаментаў крайне абмежаваны, яшчэ менш засталося перавязачных сродкаў. Не было харчавання.

I вось, калі па суседніх вуліцах разнеслася вестка аб становішчы, у якім апынуліся нашы параненыя, знайшлося шмат жанчын, што па закліку сэрца сталі даглядаць іх. Спачатку харчаванне было арганізавана гараджанамі, затым наладзілася сувязь з насельніцтвам прыгарадных вёсак, якое больш рэгулярна забяспечвала шпіталь прадуктамі. Немцы ў гэты перыяд цалкам самаўстараніліся ад аказання неабходнай дапамогі, хоць і не перашкаджалі праяўленню грамадзянскай адзыўлівасці. Натуральна, у такіх умовах смяротнасць сярод параненых была вялікая. Аднак ужо неўзабаве немцы загадалі ачысціць бальніцу, у якой размясцілі ваенны шпіталь. Застаўшаяся сотка нашых параненых была перамешчана на другі паверх суседняй СШ №1. А яшчэ праз некаторы час некалькі дзесяткаў іх адправілі ў Брэст на рэквізаваных падводах.

У першыя дні, калі непадзельная ўлада над лёсам кожнага была сканцэнтравана ў ваеннай камендатуры, да каменданта звярнулася самазваная дэлегацыя з былых польскіх служачых з прапановай аказаць захопнікам садзейнічанне ў наладжванні часовага грамадзянскага кіраўніцтва. Па словах аднаго з членаў дэлегацыі, камендант станоўча аднёсся да праяўленай ініцыятывы, аднак папярэдзіў, што гэта можа для іх абярнуцца дрэнна, бо на поўдні і поўначы ўсё яшчэ сканцэнтраваны буйныя часці Чырвонай Арміі, якія могуць адрэзаць танкавыя злучэнні, што рвуцца на ўсход. А пры падобным абароце падзей яны стануць здраднікамі. Аднак і такая перспектыва не паўплывала на рашэнне дэлегацыі, якая імкнулася не дапусціць да ўлады нянавісных для яе ўкраінскіх нацыяналістаў. I на гэты раз мэта была дасягнута: на працягу ўсяго перыяду акупацыі пасаду бургамістра Кобрына займаў былы выкладчык нямецкай мовы мясцовай гімназіі Мядынскі.

Калі восенню 1941г. улада ваеннага каменданта змянілася грамадзянскай, аказалася, што Кобрын стаў цэнтрам вобласці «гебітскамісарыята», які з’яўляўся часткай бутафорскай Украіны, створанай акупантамі ў прапагандысцкіх мэтах. Хоць мала хто ўсур’ёз лічыўся з ліпавай нямецкай Украінай, тым не менш Кобрынскі гебітскамісарыят на поўначы «межаваў» з Усходняй Прусіяй, у склад якой былі ўключаны суседнія Пружаны. У дзесятку кіламетраў на поўнач ад Запруд была ўствноўлена сапраўдная таможная служба, якая ахоўвалася прускімі пагранічнікамі.

У ход былі пушчаны грошы — карбованцы. Характэрна, што на гэтых псеўдаўкраінскіх грашовых знаках тэкст на ўкраінскай мове займаў даволі сціплае месца. Невялікай групе мясцовых украінскіх нацыяналістаў акупацыйныя ўлады далі нязначныя ролі ў гаспадарчых арганізацыях. Паказальна ў гэтай сувязі, што адзіная ў горадзе пачатковая школа на ўкраінскай мове тулілася ў цесных пакойчыках старога сувораўскага дома. Больш не спадзеючыся на нямецкія абяцанні кіраўнікі нацыяналістаў сталі ствараць падпольную антыгітлераўскую арганізацыдо, але былі выкрыты і расстраляны ў Брэсце.

Адным з найбольш характэрных аддзелаў гебітскамісарыята хутка стаў «арбайтсамт» — бюро па працаўладкаванню, у якім усё дарослае насельніцтва павінна было прайсці рэгістрацыю. Ухіленне цягнула за сабой адпраўку ў канцлагер. Узначальваў бюро немец Моас, яго правай рукой быў «бежанец» з Польшы Уфіальскі, які на самой справе быў актыўным «фольксдойчам». У яго спадручных хадзіў Парфёнаў, які ведаў мясцовыя ўмовы. Па накіраванню арбайтсамта ў тую восень некалькі соцень гараджан павінны былі раніцай з яўляцца на аэрадром, куды ў даваенныя месяцы былі завезены вялізныя кучы камення. Сагнаныя кабрынчане разбівалі іх на шчэбень. Ахова была зусім абыякавай да вынікаў работы. Відавочна, уся задумка сыходзілася да таго, каб трымаць пад наглядам людзей.

Гэтай жа справай былі заняты і сотні ваеннапалонных, але ў адрозненне ад першай групы тут кіі наглядчыкаў пускаліся ў ход часта. Хутка кабрынчане наладзілі кантакты з палоннымі, якіх фашысты трымалі на галодным пайку, перадавалі ім прадукты. Потым ў справу ўключыліся жанчыны, якія прыносілі хлеб, бульбу, кашу. Спачатку немцы глядзелі на гэта скрозь пальцы, але потым умяшалася начальства, якое загадала прадукты выкідваць на зямлю, а жанчын разганяць.

У наступным годзе «беспрацоўных» не было: усіх размеркавалі на пастаянныя работы. Мужчын вербавалі ў паліцыю, для адпраўкі жывёлы на фронт. Характэрна, што калі ў пачатку акупацыі знаходзіліся добраахвотнікі на пасады паліцаяў, то хутка такіх не стала. Для таго, каб ухіліцца ад гэтай ганебнай службы, многія наўмысна выклікалі ў сябе розныя захворванні, якія часта заставаліся невылечваемымі. Былі і такія, што па прымусу апраналі на сябе ненавісны мундзір, а потым звязваліся з партызанамі, выконвалі іх даручэнні, пасля чаго ішлі ў лес. Арбайтсамт усклаў на мужчын яшчэ адзін страшны абавязак: з рызыкай для ўласнага жыцця абясшкоджваць партызанскія міны на чыгунцы.

Праз Кобрын часта праязджалі доўгія абозы з польскімі сялянамі, якіх немцы мабілізавалі для падвозу ваеннай маёмасці. Яны расказвдлі, як над імі здзекваліся прадстаўнікі «расы паноў». Адзіным выратаваннем для сябе палякі лічылі перамогу Чырвонай Арміі.

За Бугам, непадалёку ад г. Вяла-Падляска, у першыя месяцы вайны зрабілі канцэтрацыйны лагер для савецкіх ваеннапалонных. Дзесяткі тысяч людзей у голадзе і холадзе чакалі там смерці. I вось аднойчы па папярэдняй дамоўленасці, тысячы знясіленых людзей кінуліся на калючы дрот і варту, якая ва ўпор растрэльвала іх з кулямётаў. Многія пры гэтым загінулі, але частка ўсё ж вырвалася на волю. Некаторых схавалі польскія сяляне, пераправіўшы іх потым да партызан. Многія накіраваліся за Буг, з надзеяй прабрацца за лінію фронту. Але набліжалася зіма і некаторыя палонныя сталі ўладкоўвацца ў якасці работнікаў у мясцовых сялян, дзе ім ахвотна давалі прытулак. Спачатку немцы глядзелі на гэта скрозь пальцы. Але вясной 1942 года быў выдадзены загад усім ваеннапалонным з’явіцца на рэгістрацыю на зборны пункт. Людзі, якія зведалі фашысцкія лагеры, накіроўваліся ў лясы, дзе фарміраваліся першыя партызанскія групы.

Тым часам акупанты, каб унесці раскол сярод мясцовага населніцтва, якое вельмі недружалюбна адносілася да фашыстаў, сталі ствараць таварыства так званых «фольксдойчэ», у якое залічваліся людзі, якія маглі даказаць, што ў іх ёсць хоць кропля «высакароднай арыйскай крыві». Гэтай катэгорыі даваліся розныя льготы і перавагі, іх забяспечвалі прадуктамі і г. д.

Да такіх людзей насцярожана адносіліся суседзі, у некаторых сем’ях на гэтай глебе разыгрываліся сапраўдныя трагедыі. На захопленнай Кобрыншчыне фашысты адчувалі сябе не надта ўтульна. З першых месяцаў акупацыі пачасціліся выпадкі сабатажу. Восенню 1941 года на тэрыторыі Кобрынскай МТС быў узарваны склад з гаручым. Упарта распаўсюджваліся слухі пра дыверсіі на дарогах. А ў горадзе тым часам стала ўсё больш нямецкіх сем’яў, якія пераязджалі з Польшчы. Большасць кіраўнікоў для жыхарства выбрала цэнтр горада, асабліва вуліцы Савецкую і Сувораўскую. Калі ў адным з дамоў на вуліцы Першамайскай, занятым гітлераўскімі афіцэрамі, узарвалася партызанскал міна, якая знішчыла дзесятак ваяк, улады запанікавалі. А дыверсіі працягваліся. У памяшканні СШ № 2 размясціўся эскадрон коннай жандармерыі, прызначаны для барацьбы з партызанамі. На суседняй пляцоўцы пабудавалі вялікія канюшні. Мясцовы падпольшчык Аляксей Курэша, які завёў знаёмства з конюхамі, атруціў больш як 70 коней, а пасля пайшоў у партызаны. Быў узарваны паліцэйскі ўчастак паблізу кінатэатра на вуліцы Першамайскай. Міну падклаў паліцэйскі, які затым з сям’ёй перайшоў да партызан. Павел Гетман, юнак з прыгараднай вёскі, працаваў у нямецкім гаражы. Партызаны даручылі яму пакласці міну ў багажы машыны гебітскамісара Панцэра. Аднак узрыў быў слабы, і Панцэр застаўся жывы. Камсамольца схапілі, калі ён спрабаваў уцячы на машыне да партызан, і затравілі ў турме сабакамі.

Неспакойна было на чыгунках і шасэйных дарогах, хоць іх паўсюдна ахоўвалі. Аб размерах падрыўной дзейнасці можна меркаваць па таму, што на перагоне Кобрын — Пінск партызаны падарвалі да чатырохсот фашысцкіх эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай. Асабліва ажывілася гэтая дзейнаць у перыяд «рэйкавай вайны» у 1944 годзе. Дайшло да таго, што на ноч на шашы спыняўся рух нямецкага транспарту, ды і днём захопнікі стараліся ехаць калонамі.

Без перабольшвання можна сказаць, што да канца акупацыі галоўныя нямецкія арганізацыі апынуліся ў той ці іншай ступені ў зоне партызанскай разведкі. Сувязь паміж гарадскім падполлем і партызанскім лесам дзейнічала бесперабойна. Прабелы, выкліканыя праваламі асобных падпольшчыкаў, хутка ліквідаваліся. Гарадскія патрыёты арганізоўвалі пабегі савецкіх ваеннапалонных. Удалося нават схіліць на свій бок групу ўласаўцаў, якіх гітлераўцы трэніравалі для шпіёнскай дзейнасці сярод падпольшчыкаў. У поўным саставе група перайшла ў лес.

Разгубленнасць ахапіла немцаў пасля Сталінградскіх падзей, здачы ў палон арміі Паўлюса. Яны настолькі разгубіліся, што нават і пусцілі з Брэсцкай турмы вялікую групу арыштаваных. Цяжкай весткай для акупантаў было паведамленне аб тым, што войскі Чырвонай Арміі ў пачатку 1944 года занялі горад Сарны, які знаходзіўся ўсяго ў двухстах кіламетрах ад Кобрына. Павеяла эвакуацыйным настроем. Сапраўдны перапалох сярод фашыстаў выклікаў дзёрзкі рэйс савецкага самалёта вясной 1944 года, які пранёсся над горадам і скінуў некалькі бомб.

Калі позняй вясной 1944 года ўсё насельніцтва Кобрына было выгнана на капанне супрацьтанкавых рвоў, кожнаму стала зразумела, што наступае канец улады свастыкі. I вось наступіла сярэдзіна ліпеня 1944 года. У адну з апошніх начэй ускраіны горада, дзе звычайна сканцэнтроўваліся адступаючыя воінскія часці і абозы, падвергліся масіраваннай бамбардзіроўцы савецкай авіяцыі. Фашыстам быў нанесены вялікі ўрон. Перад бегствам немцы знішчалі ўсё, што маглі. Узрывалі тэлеграфныя слупы, масты.

19 ліпеня баі ішлі паблізу вёсак Залессе, Барысаўка, дзе вораг спрабаваў аказваць супраціўленне. Аднак, баючыся быць адрэзанымі, у ноч на 20 ліпеня апошнія фашысцкія часці пакінулі Кобрын. Гораду, можна сказаць, пашанцавала ў тых адносінах, што як у пачатку акупацыі, так і ў канцы яе, сур’ёзныя баявыя дзеянні «праскочылі» праз яго. Разбурэнні былі адносна ўмеранымі. Ясным сонечным ранкам 20 ліпеня 1944 года пасля 1124 дзён фашысцкай акупацыі гараджане радасна віталі сваіх вызваліцеляў. На гэты момант у горадзе налічвалася да 3 тысяч чалавек насельніцтва.

А. Мартынаў

Мартынаў, А. Пад гнетам свастыкі / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1988. – 30 красавіка, 7 мая. Кобрын у 1941-1944 гг.