Прыгоды бетоннага бюста

Для мяне гэта гісторыя пачалася ўлетку 1993 года з выпадковай камандзіроўкі ў Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў у Падольску. Карпатлівая праца адбірала шмат часу, але прыносіла вялікі плѐн: штодзѐнна адкрываліся дзясяткі лѐсаў савецкіх воінаў, загінулых у ваенную пару.

Неяк увечары надарылася магчымасць пагаварыць з краязнаўцам Мікалаем Міцковічам з Жабінкі. На той час я ўжо чуў: ѐн неяк спрычыніўся да з’яўлення ў вѐсцы Малыя Сяхновічы помніка Тадэвушу Касцюшку. Падрабязнасцей не ведаў, і, увогуле, уяўляліся яны досыць цьмянымі.

Калега не надта ахвотна, аднак распавѐў гісторыю помніка. Карціна (паводле яго аповеду) вымалѐўвалася наступная.

...Ішоў 1988 год. Аднойчы ў Жабінкаўскі раѐн павінна была наведацца польская пісьменніца Барбара Ваховіч, якая збірала матэрыялы для кнігі пра Касцюшку.

Ніякія адзнакі на жабінкаўскай зямлі не сведчылі, што Малыя Сяхновічы хоць нейкім чынам знітаваныя з генерала. Каб пацешыць госцю, нарадзілася ідэя ўвекавечыць “героя двух кантынентаў”. Нехта ўспомніў, што ў суседнім Кобрыне ў запасніках музея захоўваецца бюст Касцюшкі. Звярнуліся ў Кобрынскі ваенна- гістарычны музей імя А.В. Суворава, куды і накіраваўся Міцковіч. У музеі госця з Жабінкі чакала расчараванне. Самы дасведчаны работнік - былы дырэктар Аляксей Мартынаў паўгада ўжо як знаходзіўся на пенсіі, а новы кіраўнік Ніна Пліско нічога пра гэтую справу не ведала.

Мікалай Міцковіч патэлефанаваў Аляксею Мартынаву і напрасіўся на сустрэчу. Стары з крыўдаю заўважыў, што цэлых 10 год прапаноўваў жабінкаўскаму начальству “прытуліць” у сябе Касцюшку, але яно толькі адмахвалася. Таму помнік перадалі ў Брэсцкі краязнаўчы музей.

Патурбавалі берасцейцаў. У краязнаўчым кобрынскі дарунак памяталі, але сумняваліся, ці дажыў ѐн да нашых дзѐн, запѐрты ў казематах Брэсцкай крэпасці (Бетонны Касцюшка, як бачым, таксама не пазбегнуў вязніцы!). На наступны дзень з Жабінкі рушыла машына - “вызваляць" Касцюшку. Помнік адшукаўся, але... без носа. Мясцовы мастак Міхаіл Карнееў яго прыляпіў на месца, хутка быў скдадзены цагляны пастамент. I ранкам Сяхновічы віталі госцю, якая незнарок паспрыяла вяртанню бетоннага Касцюшкі на радзіму продкаў. Былі кветкі, піянеры, кароткія прамовы... Праз гадзіну пісьменніца паехала, а Касцюшка застаўся... Сяхноўцы са здзіўленнем глядзелі на гэту метамарфозу, што ў хуткасці паўплывала на жыццѐ іх вѐскі.

У 1990 годзе выйшла рускамоўнае выданне "Збораў помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць» з першай згадкай пра сяхновіцкі помнік. Лаканічная публікацыя цалкам умяшчалася ў сямі радках. Адтуль можна было даведацца, што бюст Т. Касцюшкі, створаны ў 1930-ыя гады архітэктарам А. Відацкай, складаўся з бетону, меў вышыню ў 1,2 метра, месціўся на белым цагляным пастаменце вышынѐй у 1,22 метра. Быў пастаўлены ў 1988 годзе.

Паколькі аўтарам невялічкага артыкула з'яўляўся Мікалай Міцковіч, гэтае паведамленне можна было лічыць за дапаўненне ягонай версіі.

“Помнік” нараджае спрэчку

Прайсці міма гэтых акалічнасцей я проста не меў права. Але хацелася выслухаць яшчэ адзін бок, што паўдзельнічаў у лѐсе бетоннага Касцюшкі. Таму адразу пасля Падольска скіраваўся ў Кобрын - да стваральніка сувораўскага музея Аляксея Мартынава. Аднак стары чамусьці адмовіўся задаволіць мой інтарэс.

Неўзабаве я пазнаѐміўся і пасябраваў з гісторыкам Генадзем Прыбыхам, які працаваў у папулярным часопісе “Беларуская мінуўшчына’'. Першы нумар за 1994 год утрымліваў матэрыялы да 200 -й гадавіны паўстання Касцюшкі. У яго ўвайшлі ажно тры мае артыкулы. Каб гэта не вельмі кідалася ў вочы, вырашылі адну публікацыю даваць пад сапраўдным імем аўтара, другую пазначыць псеўданімам, а пад трэцяй пакінуць толькі ініцыялы.

Менавіта гэты трэці, названы проста “Помнік", расказваў пра лѐс сяхновіцкага бюста. Паколькі ніякай іншай інфармацыі, акрамя версіі Міцковіча, у мяне на той час не было, яна й стала галоўным стрыжнем аповеду. Мэта была толькі адна: давесці да ведама суайчыннікаў, што на Беларусі - у колішнім маѐнтку Касцюшкаў-Сяхновіцкіх - існуе адзіны помнік генералу.

Публікацыя мела нечаканы рэзананс, бо прымусіла загаварыць Мартынава. Не паспела яшчэ падсохнуць як след друкарская фарба ў «БМ», а ўжо ўбачыў свет майскі нумар «Кобрынскага весніка» з гнеўным адповедам былога дырэктара. Той рынуўся ў контратаку з сувораўскім запалам. Невядомаму А. Б. дасталося і ў хвост, і ў грыву. Набатам загучалі словы: “Недавно в №1 журнала “Беларуская мінуўшчына’ опубликована статья “Помнік”, в которой беспардонно искажена история бюста работы скульптора А. Видацкой, ставшего по игре случая памятником Костюшко в Кобрине. Чтобы хоть в какой-то степени рассеять распространяемые на эту тему фантастические домыслы, я решил вкратце ознакомить читателей с достоверной историей “кобринского бюста” польского национального героя".

Аляксей Мартынаў саркастычна пасмяяўся з версіі Мікалая Міцковіча, пакладзенай у аснову публікацыі, і нарэшце пажадаў расказаць “як усѐ было насамрэч”. Звычайна ў такіх выпадках расказчык прамаўляе: “А было гэта так...” Улетку 1812 года ў Кобрынскай бітве ўпершыню “вялікая армія"

Напалеона атрымала паражэнне ад рускіх. Роўна праз сотню гадоў з гэтай нагоды ў горадзе ўзнік помнік: на высокім каменным пастаменце месціўся “сімвал пераможнай велічы расійскай зброі” - вялікі бронзавы арол. Аўтарам гэтай мемарыяльнай адзнакі быў кобрынскі грамадскі інжынер Д. Маркаў. Ён жа кіраваў будаўнічымі работамі і ажыццяўляў аўтарскі нагляд. Камень апрацоўваў брэсцкі майстар Ярасінскі, арол ды дошка сталі справай рук варшаўскага скулыттара Зыгмунда Ота.
У Першую сусветную вайну кайзераўскія войскі твор Ота пашкодзілі: царскага арла “сагналі” з сядалішча, а бронзу скарысталі на свае патрэбы. Яшчэ праз пяцігодку новыя, цяпер ужо польскія ўлады загадалі замест прыбранай фасаднай мемарыяльнай пліты на помніку ўсталяваць бетонную шыльду з надпісам: «Кобрын адабраны ў маскалѐў 13 верасня 1920 года”.

Аднойчы ноччу з карчмы вяртаўся мясцовы шляхціц Астрамецкі. Ён быў на добрым падпітку, таму залез на пастамент помніка і замацаваў наверсе “кабінетны” бюсцік Тадэвуша Касцюшкі. Такое самавольства выклікала нежартоўны канфуз у магдэбургіі. Хоць свавольніка за парушэнне грамадскага парадку і адвялі ў пастарунак, аднак сам бюсцік скінуць ніхто не адважыўся. Гэтак і прастаяла колькі месяцаў тая недарэчнасць, выклікаючы вясѐлыя жартачкі ў гараджан.

Нарэшце адшукалася саламонава рашэнне. У зале пасяджэнняў кобрынскага павятовага сойміка знайшлі выяву Касцюшкі, вылепленага Відацкай. Без лішняй пампезнасці яго перамясцілі на пастамент. Прычым пад помнікам застаўся непарушаным стары подпіс. Так атрымалася, быццам гэта Касцюшка вызваляў Кобрын ад “маскалѐў” восенню 1920 года!

Восенню 1939-га савецкія ўлады бюст не кранулі, але шыльду, зразумела, замуравалі. У такім выглядзе помнік прастаяў яшчэ некалькі гадоў. Толькі напярэдадні 140-й гадавіны вайны з Напалеонам было вырашана аднавіць першапачатковы выгляд помніка. Касцюшка пераехаў у запаснікі сувораўскага музея. У 1987-м будыніну разабралі, і бюст накіраваўся ў абласны краязнаўчы музей, а адтуль - у Сяхновічы...

Аўтара! Аўтара!

Я быў у захапленні: няхай бетонны Касцюшка і не быў вяршыняй скульптурнага мастацтва (нават не ягоным пагоркам). Але ж якая гісторыя за ўсім гэтым стаяла!

Ды вось звестак пра стваральніцу бетоннага Касцюшкі, нават цьмяных, яўна бракавала. Пачаўся пошук Відацкіх.

З сямѐйства, у якое ўвайшла праз шлюб стваральніца першага помніка Касцюшку ў Беларусі, паходзілі некалькі цікавых людзей.

Ян Піліпавіч Відацкі, кобрынскі павятовы суддзя, выпускнік філасофскага факультэта ў Вільні, чалавек перадавых для свайго часу поглядаў, уладар Рагозна і Крупчыц на Жабінкаўшчыне, праславіўся тым, што прымаў у сябе расійскага самадзержца Аляксандра I. А ягоны брат Якаў стаў адным з першых краязнаўцаў на нашай зямлі. Аднойчы, калі вудзіў у Мухаўцы рыбу, выцягнуў з ракі... сякеру дагістарычнага чалавека.

З наступнага пакалення найбольш цікавай асобай з’яўляўся Канстанцін Відацкі - айчым Элізы Ажэшкі, пра якога пісьменніца пазней успамінала з ціхай дабрынѐй: “Быў гэта чалавек малады і прыстойны, сын заможнага грамадзяніна з далѐкіх ад Гроднапаўднѐвых краѐў Гродзенскай губерні... разгаворлівым і вясѐлым, у мяне склалася ўражанне, што з’яўляецца вельмі адукаванымі, што, як у будучым упэўнілася, было праўдаю".

А вось сярод Відацкіх XX стагоддзя найбольшы след пакінула наша гераіня. Дзявочае яе прозвішча было Свіціч. Нарадзілася разам з новым векам 31 сакавіка 1901 года ў Магілѐве, памерла ў 1972-м.
Высветлілася, што насамрэч яна насіла імя Бальбіна. Лѐс мела варты рамана. Асірацела вельмі рана, надзвычай таленавітая, атрымала вышэйшую мастацкую адукацыю. Жыла пані Відацкая ў Кобрыне ў маѐнтку Глінішча ля Рагозна на Жабінкаўшчыне. Працавала даволі плѐнна. На Пінскі кірмаш, які меў месца ў жніўні 1936-га, выставіла каля 20 скульптур, сярод іх вылучаліся выявы біскупа Букрабы і пісьменніцы Марыі Радзевіч. А за работу “Паляшучка з дзіцѐм" Бальбіна Відацкая атрымала залаты медаль. Пазней сваю “Паляшучку” скульптарка прэзентавала маршалу Юзафу Пілсудскаму.

Але самы шчаслівы і незвычайны лѐс чакаў яе "Касцюшку’. Створаны ў 1932 годзе, бюст заняў месца ў памяшканні, дзе праводзіліся кобрынскія павятовыя сеймікі, і адтуль выпадкова перабраўся на чужы пастамент. Пра далейшыя яго прыгоды мы ўжо ведаем.

У гэтай гісторыі неаднаразова гучала слова “выпадковасць". Затое існуе адна галоўная заканамернасць: памяць пра Касцюшку пакрысе вяртаецца на зямлю, якой ѐн “служыў пры розных абставінах”.

Бензярук, А. Прыгоды бетоннага бюста / Антоль Бензярук // Народная трыбуна. – 2012. – 24 лютага. – С. 11. Аб прыгодах помніка Касцюшкі ў Кобрыне.